Банк Дабрабыт святкуе Дзень нараджэння!

07.04.2021

Паважаныя кліенты!

У гэтыя дні нашаму банку спаўняецца 21 год! У красавіку 2000 года на базе філіяла "Мосбізнесбанка" быў утвораны "Банк Масква-Мінск", які са студзеня 2019 года мае назву "Банк Дабрабыт".

За час свайго існавання банк стаў надзейным партнёрам як для бізнесменаў, так і для звычайных беларусаў. У нас абслугоўваюцца звыш 270 тысяч фізічных асоб і амаль 11,5 тысяч карпаратыўных кліентаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У сваім развіцці Банк Дабрабыт прайшоў шмат складаных і важных этапаў. Мы сталі адной з самых эфектыўных фінансава-крэдытных устаноў краіны, а таксама нязменным лідэрам біржавога валютнага рынку Беларусі.

Безумоўна, у 2020 годзе асноўныя карэктывы ў працу банка ўнесла пандэмія Covid-19. Неабходна было аператыўна адаптавацца пад новы фармат зносінаў з кліентамі: актывізаваць лічбавае ўзаемадзеянне і імкнуцца мінімізаваць асабістыя кантакты ў офісах. Таму мы паспяхова запусцілі анлайн-заказ і дастаўку картак, анлайн-крэдыт. Што важна, новая рэальнасць, нягледзячы на скептычныя прагнозы, не змагла прыпыніць наша развіццё.


Мы дынамічна расцем і развіваемся. У мінулым годзе пашырыліся магчымасці сэрвісаў мабільных плацяжоў. Да ўжо дзеючага Samsung Pay дадаліся Apple Pay, Garmin Pay, Mi Pay і Кашалёк Pay.

Адбыліся змены і ў праграме лаяльнасці "Кола": значна вырасла колькасць яе ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць зніжкі трымальнікам картак.

Для нас культура і гісторыя роднай краіны –  таксама частка "дабрабыту", таму ў верасні мінулага года мы адкрылі каля галаўнога офіса банка скульптуру "Манета", якая аб'яднала мінулае і сучаснасць фінансавай сістэмы Беларусі. Гэтая ўнікальная работа нават была адзначана "золатам"  конкурсу "Брэнд года-2020".

Мы імкнемся быць лепшымі для сваіх кліентаў, пастаянна ўдасканальваем банкаўскія прадукты і сэрвісы. Мы бясконца ўдзячны Вам за давер і абяцаем працягнуць працу на карысць вашага дабрабыту.

З павагай,
Старшыня Праўлення Банка Дабрабыт
Ігар Ліхагруд