Кіраўнік Банка Дабрабыт стаў госцем шоў “Макаёнка, 9” і расказаў, чаму банк змяніў назву і як плануе пашыраць ужыванне беларускай мовы

23.02.2019

Старшыня праўлення Банка Дабрабыт Ігар Ліхагруд завітаў у якасці госця на самае папулярнае тэлевізійнае шоў краіны “Макаёнка, 9” на тэлеканале “Беларусь-1”. Вядучы праграмы Яўген Перлін запрасіў нашага кіраўніка з нагоды святкавання Дня роднай мовы. Банк Дабрабыт у канцы студзеня правёў рэбрэндзінг і стаў першай фінансавай установай з беларускай назвай. 

077.jpg

Ігар Ліхагруд расказаў, што слова “дабрабыт” выбралі ў якасці назвы для банка невыпадкова. “Па-першае, гэта беларускае слова. Было імкненне зрабіць так, каб быў банк з аўтэнтычнай, сапраўднай беларускай назвай. Слова “дабрабыт” – шматсэнсоўнае. Калі мы гаворым яго, маем на ўвазе і матэрыяльны дастатак, і дабрабыт сямейны, уласны. Гэта адпавядае таму, што мы хочам рабіць. Зразумела, кожны сам стварае свой дабрабыт, але мы можам у гэтым дапамагчы. У нас ёсць адпаведныя фінансавыя прылады. Мы хочам дапамагаць таксама прадпрыемствам, малому і буйному бізнэсу”, - патлумачыў старшыня праўлення. 

094.jpg

Яўген Перлін запытаўся таксама, што робяць у Банку Дабрабыт у накірунку беларускасці для ўнутранай карпаратыўнай культуры. Ігар Ліхагруд падкрэсліў, што “змена назвы банка – гэта нагода, каб яшчэ раз задумацца аб сваёй місіі: для чаго мы працуем, дабавіць беларускасці”. 

“Найперш, мы імкнемся, каб у нас была каманда. Для гэтага ладзім розныя фэсты: спартыўныя, культурныя. Напрыклад, наша навагодняя вечарына была прысвечана беларускім традыцыям. Яна называлася “Маладосць”, - расказаў кіраўнік Банка Дабрабыт.

Ён таксама адзначыў, што банк плануе пашыраць ужыванне беларускай мовы. Напрыклад, ужо з’явілася беларуская версія сайта. Хутка з’явіцца і беларускамоўны дадатак для смартфонаў.

Відэа-версія размовы: