Глава Банка Дабрабыт названы ганаровым банкірам Беларусі

26.12.2018

Старшыня ўправы Банка Дабрабыт Ігар Ліхагруд атрымаў званне «Ганаровы работнiк банкаўскай сiстэмы». Ён атрымаў нагрудны знак Нацыянальнага банка за шматгадовыя поспехі ў банкаўскай сістэме.

Нагрудным знакам Нацыянальнага банка ўзнагароджваюцца працаўнікі беларускіх банкаў за паспяховае выкананне заданняў, якія пастаўлены перад банкаўскай сістэмай, і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Зазвычай, такое званне атрымваюць тыя, хто прапрацаваў у фінансавай сферы больш за 15 гадоў.

Банк Дабрабыт уваходзіць у ТОП-10 беларускіх банкаў па велічыні актываў і належыць да ліку найбольш эфектыўных фінансава-крэдытных устаноў краіны, дэманструючы ўстойлівую станоўчую дынаміку асноўных фінансавых паказнікаў. Так, за 11 месяцаў 2018 года банк атрымаў 21,5 млн. беларускіх рублёў чыстага прыбытку, што ў 1,5 разы больш, чым за ўвесь 2017 год. З 1 студзеня 2017 года рэнтабельнасць нарматыўнага капіталу павялічылася ў 3,8 разу, дасягнуўшы паказніка 20,9% па стане на 1 снежня бягучага года.

Ігар Ліхагруд працуе ў банкаўскай сістэме з 1995 года. Займаў кіраўнічыя пасады ў Нацыянальным банку, быў намеснікам старшыні ўправы Прыёрбанка, а з 2016 года ўзначальвае Банк Дабрабыт. Пры ім банк значна палепшыў свой фінансавы стан, асвоіў новыя кірункі і стаў прыкметным гульцом банкаўскага сектара.

Банк Дабрабыт уваходзіць у лік буйных гульцоў на банкаўскім рынку Беларусі, асабліва з пункту гледжання абслугоўвання карпаратыўнага бізнесу. Усяго ў банку абслугоўваецца больш за 10 тыс. юрыдычных асоб і каля 300 тыс. прыватных кліентаў. Па выніках 11 месяцаў 2018 года банк займае першае месца ў краіне па аб'ёме гандлю на валютна-фондавай біржы.